Гісторыя, сучаснасць, будучыня. Філіялу «Нясвіжскае УМГ ААТ „Газпром трансгаз Беларусь“» — 40 гадоў

Гісторыя Нясвіжскага ўпраўлення магістральных газаправодаў непарыўна звязана з гісторыяй будаў-ніцтва магістральнага газаправода “Таржок — Мінск — Івацэвічы”. Менавіта па ім “блакітны агонь” — расійскі прыродны газ — прыйшоў у Беларусь, Прыбалтыку, Калінінградскую вобласць, ва Украіну, а затым і ў краіны Заходняй Еўропы. Першая нітка газаправода “Таржок — Мінск — Івацэвічы” была ўведзена ў дзеянне ў 1974 годзе, другая — у 1978 годзе, а трэцяя — у 1983-м. Для таго, каб прыродны газ пад пэўным ціскам ішоў па трубаправодах і своечасова даходзіў да спажыўцоў, на ўсім яго шляху неабходна было пабудаваць кампрэсарныя станцыі.

Адну з буйнейшых з іх пачалі ўзводзіць у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя паблізу Нясвіжа. Яе першая чарга і была ўведзена ў эксплуатацыю ў лістападзе 1978 года. Пачатак узвядзення кампрэсарнай станцыі “Нясвіж” выклікаў неабходнасць стварэння і адначасовага будаўніцтва тут новага структурнага падраздзялення тагачаснага “Захадтрансгаза”. Так у лістападзе 1978 года было ўтворана Нясвіжскае лінейнае вытворчае ўпраўленне магістральных газаправодаў.

Сёння, дзякуючы нялёгкай працы мноства людзей, усё выглядае сучасна і прыгожа, і цяжка сабе ўявіць, што некалі на месцы ўпраўлення было сапраўднае балота. Па ўспамінах сведкаў тых падзей, каб пачаць будаўніцтва патрэбных аб’ектаў, спярша прыйшлося насыпаць слой грунту таўшчынёй ад 1,5 да 2 метраў.

Другая чарга КС “Нясвіж” была ўведзена ў эксплуатацыю ў 1982 годзе.

З 1984 года ў нашай краіне пачалося развіццё сеткі аўтагазанапаўняльных кампрэсарных станцый. У Нясвіжскім УМГ былі пабудаваны і ўведзены дзве АГНКС: у горадзе Баранавічы — у 1986 годзе і ў горадзе Нясвіжы — у 1989 годзе.

З часу стварэння Нясвіжскага УМГ было пабудавана 27 газаразмеркавальных станцый, дзе ўстаноўлены сучасныя сістэмы тэлемеханікі. Яны жорстка кантралююць ціск газу на ўваходзе і выхадзе са станцыі, яго тэмпературу і аб’ёмы расходавання.

Менавіта ў Нясвіжскім УМГ пачаў свой шлях па беларускай зямлі транскантынентальны газаправод “Ямал — Еўропа”. У 1996 годзе пачалося будаўніцтва магістралі, а 21 верасня 1999 года адбыўся ўрачысты ўвод у эксплуатацыю беларускага ўчастка магістральнага газаправода “Ямал — Еўропа” працягласцю 209 км (кампрэсарная станцыя “Нясвіжская” — дзяржаўная мяжа з Польшчай).

Дарэчы, КС “Нясвіжская” першай чаргі магістральнага газаправода “Ямал — Еўропа”, якая не мела аналагаў ва ўсім СНД, пачала дзейнічаць 30 снежня 1999 года, а праз год была прынятая ў прамысловую эксплуатацыю аўтаматызаваная сістэма кіравання гэтай кампрэсарнай станцыі. Будаваць кампрэсарную газатур-бінную станцыю “Нясвіжская” на трасе транскантынентальнага магістральнага газаправода “Ямал — Еўропа” было складана, але цікава. Па-першае, будаўніцтва кампрэсарнай станцыі паклала пачатак далейшаму развіццю Нясвіжскага УМГ. Па-другое, кампрэсарная станцыя “Нясвіжская” будавалася па новым праекце, на базе новай тэхнікі. У інжынераў і спецыялістаў з’явілася нагода для дадатковага самаўдасканальвання і павышэння ўпэўненасці ў сваіх сілах. Будаўніцтва ўчастка магістральнага газаправода “Ямал — Еўропа” вялося таксама на аснове перадавых дасягненняў навукі і тэхнікі з выкарыстаннем труб з заводскай ізаляцыяй, новых тэхналогій зваркі і мантажу абсталявання.

У канцы 2002 года спецыялістамі Нясвіжскага УМГ быў звараны апошні на беларускім участку “Залаты” стык, дзякуючы якому ўвесь беларускі ўчастак транскантынентальнага газаправода “Ямал — Еўропа” працягласцю 575 км стаў адзіным цэлым ад дзяржаўнай мяжы з Расіяй на ўсхо-дзе да дзяржаўнай мяжы з Польшчай на захадзе.

Газаправод мае надзейную электрахімічную абарону, навейшую сістэму тэлевымярэнняў і тэлекіравання транспартам газу.

У цяперашні час на тэрыторыі ўпраўлення набліжаецца да завяршэння будаўніцтва газаправода-перамычкі паміж гарадамі Карэлічы і Навагрудак.

За працоўныя дасягненні шэраг працаўнікоў Нясвіжскага УМГ узнагароджаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: А.А. Губар — ордэнам “Знак Пашаны”, І.В. Ратомскі — ордэнам Працоўнага чырвонага Сцяга, К.Ф. Зяньковіч, В.А. Нікіцін, Г.Р. Дашко, М.М. Богуш — Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, два сыны аднаго з вышэйназваных працаўнікоў — электрагазазваршчыка А.А. Губара, ветэрана ААТ “Белтрансгаз” — працягнулі справу бацькі і зараз працуюць у філіяле ў лабараторыі дэфектаскапіі. З імі вы пазнаёміцеся на стар. 16.

Першым начальнікам упраўлення стаў Віталь Васільевіч Глушчук. Затым з мая 1987 да чэрвеня 2009 арганізацыяй кіраваў Ігар Віктаравіч Піменаў. Зараз яго ўзначальвае Сяргей Міхайлавіч Лапін.

Прапануем вашай увазе невялікі фотаэкскурс у гісторыю Нясвіжскага УМГ.


Автор: Нясвiжскiя навiны

Источник: Нясвiжскiя навiны